КАЦЯРЫ́НА I Аляксееўна

(15.4.1684, каля г. Алуксне, Латвія — 17.5.1727),

расійская імператрыца [1725—27]. Дачка бел. прыгоннага селяніна-католіка С.Скаўронскага, які перасяліўся з Мінскага ваяв. ў Ліфляндыю; да прыняцця праваслаўя мела імя Марта. У час Паўн. вайны 1700—21 пры ўзяцці рас. войскамі ў вер. 1702 г. Марыенбург (цяпер Алуксне) трапіла ў палон. З 1705 неафіцыйная, з 1712 афіцыйная жонка Пятра I. Нарадзіла 8 дзяцей, з якіх выжылі 2 дачкі — Ганна (1708—28) — герцагіня гольштэйнская, маці рас. імператара Пятра III, і Лізавета (1709—62) — будучая імператрыца Лізавета Пятроўна. Каранавана ў 1724. Пасля смерці Пятра I узведзена на прастол гвардз. палкамі на чале з А.Д.Меншыкавым, які пры ёй фактычна кіраваў дзяржавай. У яе цараванне створаны Вярхоўны тайны савет, адкрыта рас. АН у Пецярбургу (1725).

Літ.:

Андреев В. Представители власти в России после. Петра I: Репр. воспр. изд. 1871 г. Мн., 1990;

Буганов В.И. Екатерина 1 // Вопр. истории. 1994. № 11.

Кацярына I. Мастак Ж.М.Нацье. 1717.

т. 8, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)